Што робіць камп’ютарны цэнтр дзяцей і моладзі Светлагорска месцам прыцягнення для ўсяго новага і перадавога

Камп’ютарны цэнтр дзяцей і моладзі Светлагорска — сучасная ўстанова дадатковай адукацыі, але са сваёй гісторыяй. Размешчаны ў будынку, пабудаваным у 1954 годзе, і абсталяваны найноўшай камп’ютарнай тэхнікай, ён стварае адчуванне гарманічнага суіснавання мінулага і сучаснасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Камп’ютарны цэнтр быў створаны восенню 2002 года. Як заўважыў дырэктар цэнтра Руслан Сідоранка, асноўная дзейнасць установы — арганізацыя і суправаджэнне ІТ-адукацыі. Тут імкнуцца ісці ў нагу з часам і даваць сваім выхаванцам магчымасці для пастаяннага развіцця ў  сферы інфармацыйных тэхналогій. Можна сказаць, што за гады існавання ў цэнтры сфарміравалі сваю філасофію навучання сучаснага спецыяліста, які немагчымы без навыкаў ІТ і ведання замежнай мовы (сёння тут вучаць размоўнай англійскай, кітайскай і іспанскай).

«Мы разумеем, што час не проста бяжыць, а імчыцца, таму, каб усё паспяваць, трэба быць мабільным. Гібкасць, уменне працаваць у камандзе, хутка адаптавацца да пастаўленых задач — неабходныя навыкі запатрабаванага спецыяліста. Таму нашым асноўным дэвізам, ідэяй з’яўляецца адаптацыя маладых лю­дзей да жыцця ў сучасным інфармацыйным грамадстве», — адзначыў Руслан Сцяпанавіч.

І трэба сказаць, што калектыву цэнтра, у штаце якога працу­юць 17 чалавек, гэта ўдаецца. Выхаванцы пастаянна становяцца прызёрамі розных спаборніцтваў і алімпіяд. Ёсць сярод іх і перамогі на міжнародным узроўні. За 20 гадоў скарбонка дасягненняў камп’ютарнага цэнтра стала вельмі вялікай: колькасць заваяваных дыпломаў налічваецца сотнямі. А зусім нядаўна ў няпростай IT-бітве сярод школьнікаў Гомельшчыны, дзе амаль 500 юных талентаў дэманстравалі свае ўменні і навыкі, 16 школьнікаў са Светлагорска былі ўдастоены дыпломаў розных ступеней.

Гібкасць, уменне працаваць у камандзе, хутка адаптавацца да пастаўленых задач — неабходныя навыкі запатрабаванага спецыяліста. Таму нашай ідэяй з’яўляецца адаптацыя маладых людзей да жыцця ў сучасным інфармацыйным грамадстве.

У цэнтры займаюцца навучэнцы з 1 па 11 клас. На сёння яго наведваюць 520 чалавек. Прастора цэнтра спрыяе цеснаму ўзаема­дзеянню і творчасці. Калі вы пераступіце яго парог, то адразу трапіце ў вір эмоцый і дасягненняў — малых і вялікіх. Бо калі вы запраграмавалі свайго робата на рух і ён сапраўды рухаецца, то гэта поспех. Трэба бачыць здзіўленыя і задаволеныя твары дзяцей!

Заходзім у кабінет робататэхнікі, дзе на ўласныя вочы можна ўбачыць бітву розуму і тэхнікі. Дзеці, захопленыя справай, нават не звяртаюць увагі на гасцей. А Руслан Сцяпанавіч успамінае, што ў канцы студзеня 2017 го­да быў аб’яўлены набор навучэнцаў у аб’яднанне «Адукацыйная робататэхніка», быў абсталяваны спецыяльны клас для заняткаў з палямі для трэніровак. Сфарміравалі групу з вучняў, якія на добрым узроўні ведаюць матэматыку, захапляюцца праграмаваннем і любяць збі­раць LEGO, і пачалася работа. А літаральна праз пару тыдняў прадстаўнікі камп’ютарнага цэнтра заваявалі ў вобласці 3-е мес­ца. Гэта быў сапраўдны прарыў!

Наборы LEGO дапамагаюць вывучаць інфарматыку, фізіку, інжынерыю, матэматыку, а таксама робяць працэс вывучэння прадметаў больш цікавым і матывацыйным. Таксама  LEGO — гэта моцны алімпіядны рух, конкурсы сусветнага ўзроўню і мноства рэгіянальных спаборніцтваў па робататэхніцы.

Перад тым як далучыцца да свету робататэхнікі, дзеці (пачынаючы з 1 класа) займаюцца алгарытмізацыяй праграмавання ў асяроддзі Scratch. Потым пачынаецца ўласна робататэхніка. На занятках дзеці займаюцца дызайнам, канструяваннем робатаў, складаюць праграмы для робатаў, на перапынках паміж заняткамі гуляюць у шахматы. Цяпер у іх распараджэнні 8 базавых набораў LEGO, 8 пашыраных і 6 для малых дзяцей. Усё набыта за спонсарскія грошы.

Камп’ютарны цэнтр дзяцей і моладзі Светлагорска — піянер у арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці. Зарабляць грошы тут навучыліся даўно, таму і рамонт выконваецца, і ўся тэхніка набываецца за ўласныя сродкі. Да таго ж заняткі для дзяцей праводзяцца бясплатна. Існуе толькі некалькі платных груп.  Разам з тым грошы трацяцца не толькі на рамонт і тэхніку. Важным з’яўляецца кад­равае пытанне, прыцягненне педагогаў-прафесіяналаў. Работа ў гэтым напрамку вядзецца пастаянна. ІТ-сфера развіваецца вельмі хутка, таму, каб адкрыць новыя кірункі (3D-мадэляванне, прататыпаванне, работа з Arduino), неабходны педагогі.

У цэнтры вельмі ганарацца і шануюць сваіх настаўнікаў. Сярод іх, дарэчы, ёсць і былыя выхаванцы цэнтра. Выдатна, калі ідзе рух наперад і захоўваюцца традыцыі. А здараецца, што ў цэнтр уладкоўваюцца інжынерамі-праграмістамі, а пасля пачынаюць працаваць з дзецьмі. Цяпер тут працуе некалькі такіх наваспечаных педагогаў, што чарговы раз даказвае: педагогіка натхняе на адкрыцці і заварожвае магчымасцямі для самарэалізацыі.

Дырэктар цэнтра заўсёды адкрыты да новых ідэй і рашэнняў, нават калі на першы погляд яны могуць здавацца нерэальнымі. Дарэчы, Руслан Сцяпанавіч кіруе цэнтрам з моманту яго адкрыцця, таму як кіраўнік рос і працягвае гэта рабіць разам са сваімі калегамі. Яго нязменнай памочніцай і намеснікам па вучэбна-выхаваўчай рабоце з’яўляецца Валянціна Бурко, якая не без гордасці паказвае бібліятэку камп’ютарнага цэнтра.

Бібліятэка ўражвае. Увагу прыцягвае безліч кніг — вучэбная, мастацкая, навуковая літаратура на англійскай, нямецкай, італьянскай, кітайскай, іспанскай мовах. Ёсць кнігі на польскай, латышскай мовах. Атмасфера ­спрыяе­ вывучэнню замежнай мовы. Канечне, увесь гэты кніжны арсенал выкарыстоўваецца і дзецьмі, і педагогамі не толькі цэнтра. У бібліятэку можа запісацца кожны ахвочы. На сёння сярод чытальнікаў некалькі соцень чалавек.

Яшчэ адной адметнасцю камп’ютарнага цэнтра з’яўляецца наяўнасць безбар’ернага асяроддзя. На тэрыторыі ёсць дзіцячая пляцоўка, сад, што дазваляе пераключацца на рухальную дзейнасць. Увогуле, Камп’ютарны цэнтр дзяцей і моладзі Светлагорска — адкрытая адукацыйна-выхаваўчая прастора, якая з радасцю прымае не толькі дзяцей, але і дарослых. На базе цэнтра право­дзіцца шмат гарадскіх і раённых мерапрыемстваў. Камп’ютарныя спаборніцтвы, семінары, майстар-класы, чытанні — усё гэта робіць цэнтр месцам прыцягнення для ўсяго новага і перадавога.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА