Цэнтр пазашкольнай работы Светлагорска сёння выконвае функцыю сапраўднага цэнтра сямейнага адпачынку. «Мы імкнёмся стварыць такое месца, дзе кожны з членаў сям’і знайшоў бы сабе занятак па душы», — расказвае дырэктар установы Руслан Сцяпанавіч Сідарэнка. На тэрыторыі цэнтра размешчаны дзіцячы гульнявы гарадок «Малая планета», набыць знадворнае абсталяванне для якогадапамаглі спонсары. Там даволі якасныя канструкцыі, дзіцячая пляцоўка выраблена з яркага пластыку: арэлі, машынкі наспружынках, вялікія і малыя з’езды, горкі, агароджаная тэрыторыя, лаўкі для дарослых. «На гэтай пляцоўцы дзеці знаходзяцца пастаянна, і гэта не толькі выхаванцы цэнтра пазашкольнай работы. Прыходзяць мамы з каляскамі, з дзецьмі дашкольнага ўзросту, наведваецца і моладзь».


Названая ўстанова вылучаецца сярод іншых устаноў такога тыпу. У межах праекта Міжнароднай асацыяцыі клубаў львоў тут быў адкрыты камп’ютарны цэнтр. У рамках партнёрскіх сувязей паміж Светлагорскам і акругай Мендып (Вялікабрытанія) на базе цэнтра рэалізуюцца сумесныя міжнародныя праекты для навучэнцаў.
Руслан Сцяпанавіч таксама паведаміў, што са студзеня 2009 года яны рэалізуюць сумесны праект са сталічным Паркам высокіх тэхналогій па навучанні ўсіх жадаючых па курсе, распрацаваным кампаніяй Cisco. Камп’ютарны цэнтр атрымаў статус лакальнай Сеткавай акадэміі Cisco, а ў лютым 2010 года быў атрыманы статус Рэгіянальнай сеткавай акадэміі Cisco (другі ў Гомельскай вобласці).
Увогуле ўнікальны сам падыход да напаўнення вольнага часу дзяцей і іх бацькоў. У свой час такая дзяржаўная ўстанова была адзінай. Яна ад самага пачатку была аснашчана такім абсталяваннем, якім у Беларусі на той момант яшчэ ніхто не карыстаўся.
«Дзеці не павінны заставацца без нагляду, і мы імкнёмся зацікавіць іх любымі спосабамі, — зазначыў Руслан Сцяпанавіч. — Лепшы з іх — прадастаўленне сучасных адукацыйных паслуг і стварэнне сучаснага асяроддзя для адпачынку і вучобы».
Установа, пра якую ідзе гаворка, размяшчаецца не ў цэнтры горада, але, як прызнаецца яго дырэктар, з’яўляецца папулярным месцам. Тры чвэрці дзяцей горада хоць раз былі тут, а калі казаць пра насельніцтва раёна, дык і ўвогуле 90 працэнтаў мясцовых дзяцей наведваюць гэты цэнтр.

Аліна КАРАТАВА.