Неверагодныя ідэі

“Мама, а давай паспрабуем разам з табой сканструяваць новую машынку”, — такія словы я пачула ад свайго малодшага сына, калі яму было тры гады. Яны прымусілі мяне задумацца. У той час у нашым горадзе Светлагорску яшчэ не было магчымасці запісаць дзяцей малодшага ўзросту на заняткі ў гурток па робататэхніцы.

Таму, як толькі ў камп’ютарным цэнтры дзяцей і моладзі Светлагорска пачаў працаваць гурток “Робататэхніка LEGO WEDO”, мы былі першымі.

На занятках пад кіраўніцтвам педагога дадатковай адукацыі Арцёма Клімянка навучэнцы першай ступені адукацыі вучацца разумець структуру з’яў і працэсаў, выбудоўваць алгарытмы і самастойна вывучаць усё новае, неверагоднае для іх разумення. Дзеці вучацца працаваць у камандзе, развіваюць лідарскія якасці, лагічнае мысленне. Робататэхніка дае новыя магчымасці і інструменты для самавыяўлення ўсімі магчымымі спосабамі.

Усё незвычайнае і на першы погляд невыканальнае, становіцца рэальным і працуе так, як малыя запраграмуюць. Заняткі праходзяць у гульнявой форме ў групе з 12 чалавек. Навучанне адбываецца з дапамогай графічнага інтэрфейса, які адаптаваны для дзіцячага ўспрымання ў выглядзе малюнкаў і метак, якія дапамагаюць лягчэй засвоіць усе каманды і зразумець логіку будучых дзеянняў робата. Такім чынам, развіваецца лагічнае і алгарытмічнае мысленне. Навучэнцы працуюць у парах — збіраюць робата і праграмуюць яго. Затым абараняюць свой праект. У кожнага ёсць матчьімасць праявіць свае самыя лепшыя якасці. Логіка, уменне выбудоўваць алгарытмы дапамагаюць спланаваць і выбраць эфектыўны і нестандартны спосаб дасягнення мэты.

У многіх існуе памылковае меркаванне, што робататэхнікай могуць займацца толькі дзеці з матэматычным складам розуму. Сёння мы ўпэўнена можам сказаць, што гэтыя заняткі даступны ўсім жадаючым. Яны дапамагаюць зразумець менавіта матэматычную логіку і будуюцца так, каб было як мага менш абстрактных паняццяў. Трэба спрабаваць і не хвалявацца, калі адразу не атрымліваецца.

Дзякуючы такім заняткам, навучэнцы першай ступені адукацыі перамагаюць сваю няўпэўненасць. Тут дзеці больш смелыя ва ўвасабленні самых неверагодных ідэй. У працэсе зборкі робата магчымы і памылкі, аднак робататэхніка вучыць успрымаць любыя памылкі спакойна, рабіць высновы, шукаць новыя падыходы да рашэння і дасягнення пастаўленай мэты. Той, хто не баіцца памыляцца ў малодшым ўзросце, будзе і далей прымаць смелыя рашэнні.

Інфармацыйныя тэхналогіі актыўна праніклі ва ўсе сферы нашага жыцця. Адсюль і такая патрэба ў спецыялістах гэтага кірунку. Нашы дзеці ўжо з маленства, гуляючы, атрымліваюць прафесію будучыні. Усе веды абавязкова спатрэбяцца ім заўтра ў выбранай прафесіі. Нестандартнае мысленне дапаможа знайсці выйсце з любой сітуацыі.


Вольга БЕРАСНЕВА,
метадыст камп’ютарнага цэнтра дзяцей і моладзі Светлагорска